"Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел свет! Не такую задумаў ты думу, - Не дае гуслярам сказу золата цвет, Белых хорамаў п'яныя шумы.
Скурганiў бы душу чырванцом тваiм я; Гуслям, княжа, не пiшуць законаў: Небу справу здае сэрца, думка мая, Сонцу, зорам, арлам толькi роўна.
Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, - Iм пакорны я толькi з гуслямi, Сiлен, княжа, караць, галаву сiлен зняць, - Не скуеш толькi дум ланцугамi.
Славен, грозен i ты, i твой хорам-астрог, Б'е ад сцен-цэгел ледам зiмовым; Сэрца маеш, як гэты цагляны парог, I душу - як скляпоў гэтых сховы.
Глянь ты, слаўны ўладар, на палеткi свае: Сарачнi там сох бачыш, як блудзе; А цi чуў ты, аб чым там араты пяе, Дзе i як жывуць гэтыя людзi?
Глянь ў лёхi свае, ў падзямеллi глянь, князь, Што настроiў пад хорамам гэтым; Браццi корчацца там, табой кiнуты ў гразь, Чэрвi точаць жывых iх, раздзетых.
Ты ўсё золатам хочаш прыцьмiць, загацiць... Цi ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блiшчыць, Кроў, якой i твая моц не змажа.
Ты брыльянтамi ўсыпаў атласы i шоўк - Гэта цёртая сталь ад кайданаў, Гэта вiсельнi петляў развiты шнурок, Гэта, княжа, твае саматканы.
Стол ты ўставiў ядой, косцей шмат пад сталом, - Гэта косцi бядноты рабочай; Пацяшаешся белым, чырвоным вiном, - Гэта слёзы нядолi сiрочай.
Хорам выстраiў ты, твайму воку так мiл, Адшлiфованы цэгла i камень, - Гэта - памяткi-плiты з няўчасных магiл, Гэта - сэрцаў скамененых пламень."
Князь:
"- Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваў На вяселле цябе сваёй княжны!.. Ты - шалёны, старык, хто цябе дзе хаваў? Ты, знаць, вырадак цемры сярмяжнай."
Гусляр:
"Люба чуцi табе скочнай музыкi звон: Ты, дружына п'яцё асалоду, - А цi ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн, Стогн пракляцця табе, твайму роду?!
Ты збялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар! Госцi хмурны, а дворня знямела... Ну, што, княжа? пара даць за песню мне дар! Выбачай, калi спеў мо няўмела."
Князь:
"Я па-князеўску ўсiм i плачу, i люблю! Ты не хочаш дукатаў - не трэба!.. Ўзяцi старца i гуслi жыўцом у зямлю! Знае хай, хто тут пан: я - цi неба!"