Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, -
Ўспомню Вострую Браму сьвятую
І ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца коні, -
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.
У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі - гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
Мо яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі наўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Біце ў сэрцы іх - біце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
Маці родная, Маці-Краіна!
Не ўсцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач, ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..
Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.
1916 год
BELARUS еще тексты
Видео
Беларусь 'Пагоня' / Belarus 'Pagonja' Фан-відэа на песню N.R.M. 'Пагоня'. Словы Максіма Багдановіча. Fan-video for the song 'Pagonja' by N.R.M. Lyrics by Maksim ...
Оценка текста
Как вам текст?
1 out of 5
2 out of 5
3 out of 5
4 out of 5
5 out of 5
Статистика страницы на pesni.guru ▼
Просмотров сегодня: 2