Зноў зіма прыйшла да нас. У тузе марнуем час. Агарнула шэрань дах, Сьнег у садах.
Ветравеяў нудны стогн Зацяў душу маю ў палон. Здань мінулага ў вакне Мроіцца мне...
Узгадаю пра цябе. Вобраз твой, нібы ў смузе. Ў карагодзе хуткiх дзён Згубiўся ён.
I юнацкi срэбны сьмех Не лунае больш мiж стрэх. Разам з восеньскiм дажджом Заўчасна пайшоў.
Дні мінаюць і моўчкі гады сплываюць, I ўжо памяць губляе твой твар. Безуважна на нас хмары пазіраюць, I маўчыць сьнегапад.
У нямозе ўпаў дадолу трапяткі апошні ліст, Ціхім шэптам разьвітаўся і пяшчотна шапаціць. Толькі век яго нядоўгі – хутка сьціхне яго сьпеў Пад нямою коўдрай белай...
Дні мінаюць, няўхісна гады сплываюць, Марна памяць хапляе твой твар. I зь нябыту нябёсы нам дасылаюць Векавы сьнегапад.