То не вецер раве-нарастае І ламае галлё на дубах, То асілкі дубы змятаюць, Каб да сонца расчысціць шлях. І пялёсткі гучаць трывожна, Бо мінуўся спеў забыцця. Казкі новыя, казкі грозныя, Небывалыя казкі жыцця.
Вецер мацнее!
Што такое нянавісць у сэрцы, Кроў, падкопы, людзі-багі Перад простай ісцінай смерці, Перад вечнай сцюжай магіл?!
І паўстанні, паўстанні бясконцыя, І замучаных кроў на раллі, І, нарэшце, шчасце і сонца, Што сышло на нашы палі.
Вецер мацнее!
Вы, што маці душу забылі, Без яе пажадалі пражыць, Што вы варты без гэтай магілы, Без каліны на роднай мяжы? Без дубоў, што ў тумане млеюць, Без расы на роднай траве? Павяртайцеся! Вецер мацнее! Мацi зноў праз стагоддзi заве!