Пахне хвояй. У застылай сасновай жывіцы Промні сонца сьпяць да вясны. Сыпле неба сівое З далёкай касьцельнай званіцы Жмені жалю, бы глебу на века труны.
Толькі мы больш ня чуем нічога Дый наўкол — ані шум баравы. Пахне хвояй абапал дарогі, Калыхаецца лес нежывы.
Пахла порахам, Воляй і навальніцай. Бор гудзеў гуртам медных ствалоў. Стрэлаў сполахі, Кроплі барвовых суніцаў На ігліцу цяклі са штыкоў.
Бор гудзеў растрывожаным вульлем, Косы джалілі жыцьцяў мурог. І зямныя маленькія кулі Кулю велькую білі з-пад ног.
Усходні вецер з карэньнем дрэвы Рваў, бы прызнаньне разьюшаны кат. І хвастала па сьпінах залева, Бор гудзеў перунамі гармат.
Але мы больш ня чуем нічога Немата працінае прастор Пахне хвояй абапал дарогі Калыхаецца шыбеніц бор.
Тыя ж сосны, ды толькі бяз шатаў — У пыл дарожны лапкі ляглі. Тыя ж воі, ды выі сьцяты, Карані не кранаюць зямлі.
Адзьвінелі набатам сякеры, Косы зьвіліся вакол шый... Душам душна ў грудзёх касінераў Бор нямы калыхаць у цішы.
Пахне хвояй. У застылай сасновай жывіцы Промні сонца сьпяць да пары. Стыне зброя. Мы вернемся, каб не скарыцца. Зноў і зноў Будуць хвоі шумець у бары.