Найлепшы фрыстайлер краіны Gleboki Smak у інтэрвію парталу Tuzin.fm распавёў што мусіць адбыцца, каб Беларусь стала беларускай, патлумачыў, чаму ён не кранаецца палітыкі ды паімправізаваў на відэакамэру, прадстаўляючы свой дэбютны трэк.
У Расеі найлепшым фрыстайлерам лічыцца Noize MC, у сьвеце няма роўных у гэтым кірунку Эмінему і Фрэду Дэрсту з Limp Bizkit. У Беларусі найлепш імправізуе ў хуткай чытцы беларускамоўны рэпер зь Берасьця Gleboki Smak, які летась быў узнагароджаны ў гэтай намінацыі гіп-гоп парталам Street Awards. Пры канцы году рэпер запісаў свой дэбютны трэк «Lamiec Zadarma», які ён прадстаўляе на Tuzin.fm.
У жыцьці яго завуць Глеб Хамутоў. Ён адвучыўся ў ЭГУ па спэцыяльнасьці «Паліталёгія і эўрапейскія дасьледаваньні», а зараз займаецца прадрымальніцтвам – прадае беларускі трыкатаж у Расею. Псэўданім узяў сабе з цэтліка на бутэльцы польскага піва. З Глебам размаўляем проста такі ў фрыстайл стылі: сумбурных пытаньняў да яго шмат, а яму яўна ёсьць што з ходу на іх адказаць. Але найперш пра псэўданім з бутэлькі і пра тое, што ён значыць.