Кожны дзень мяне пераязджае кола. Прадбачу, але не прыкмячаю аніколі ягонага набліжэньня. I толькі потым чую, як аддаляецца грукат у той бок, куды я сьпяшаю. Ані здагнаць яго, ані ўбачыць. Ну і д’ябал з табою, кола!
А яно заходзіць па новаму кругу, і зноў зьнянацку, яшчэ глыбей уганяе мяне ў глебу дый кажа: і д’ябал са мною, і Бог са мною... Ух, як мне становіцца вусьцішна – гэта ж і я іду па кругу і калісьці ж яго замкну. I няма моцы збочыць, і няма мужнасьці супыніцца, ад гэтага такая злосьць на сябе разьбірае... Не-е! На гэты раз я ўхаплю цябе за абады! Адважна падымаю галаву, але... Скрозь паўз дарогу папераджальныя знакі: НЯ СУНЬ РУКІ Ў СЬПІЦЫ!
Ну, д’яблава кола! А яно пасьпела зайсьці па новаму кругу і яшчэ глыбей увагнала мяне ў глебу: я і д’яблава, я і Богава...