Гэй, наперад, покі сэрца Б'ецца, рвецца на прастор, Годзе млеці ў паняверцы; Гэй, да сонца! гэй, да зор! Хай бацькі стагналі ўчора, Йшлі на той сьвет без пары; Сёньня ў нашай моцы гора, Мы – жыцьця гаспадары! Думка ў думку, дружна, сьмела Усе наперад грамадой! Кожны ведай сваё дзела, Знай, за праўду крэпка стой! К новай долі шлях нам ляжа, Як на небе Млечны Шлях, Слова, дум ніхто не зьвяжа, Жыць, цярпець не будзе страх! І не стане больш пакуса Першых-лепшых збоку браць, Славяніна-беларуса Вечна ў лапці абуваць. Дык наперад, покі сэрца Б'ецца, рвецца на прастор, Годзе млеці ў паняверцы! Гэй, да сонца! гэй, да зор!