Чалавек Ніхто ведае пра ўсё Значна лепей за кожнага з нас. Ён з малых гадоў рыхтаваў сябе Да скарэньня народных мас.
Чалавек Ніхто слухаў Sonic Youth І чытаў Альбэра Камю. Чалавек Ніхто можа зьняць кіно, Можа, нават у стылі “ню”.
Гэта банальныя словы І трывіяльны матыў: “Паслухай, а раптам чалавек Ніхто - Гэта ты?..” Не, безумоўна, ня ты...
Чалавек Ніхто напісаў раман І ўрыўкі чытае нам. Чалавек Ніхто ў спартзалу ідзе І рэкорды ставіць там. Ён можа граць, ён любіць сьпяваць, Выкладаецца на ўсе сто. Ён будзе кампэтэнтна размаўляць, Але ён - чалавек Ніхто.
Гэта банальныя словы Упоперак горла стаяць: “Паслухай, а раптам чалавек Ніхто - Гэта я?..” Не, безумоўна, ня я...
Чалавек Ніхто ў сваім аўто Успамінае былых кабет. Чалавек Ніхто не ў гуморы, бо Ён крыўдуе на гэты сьвет. Плянаваў ён славу, пашану, бабло, Але чамусьці жыцьцё не дало. І чакай Гадо, не чакай Гадо - Але вось чалавек Ніхто.
Гэта банальныя словы, Як шэрыя нашы дамы: “Паслухай, а раптам людзі Ніхто - гэта мы?..” Не, безумоўна, ня мы... Не, безумоўна, ня мы... Не, безумоўна, ня мы...