Па шчодра намеценым сьнезе Ішлі ў завіруху яны. Калісьці былі, ды згубіліся недзе Прыкметы чарговай вясны. І твары калола завея, І кожны сумёт – як гара. А сэрца і сьвеціць, і грэе І кліча вяршыні скараць: Наперад, пакуль не памерла надзея!
Ніхто не хацеў паміраць…
А людзі з замеценых хатаў, Як з нораў, глядзелі на іх. І нехта піў каву, а нехта – гарбату, А нехта разьліў на траіх. Вар’яцкая гэта ідэя – Паверыць у сілы дабра, Наперад ісьці праз завею, Хоць можна было выбіраць… Апошняй заўжды памірае надзея…
Ніхто не хацеў паміраць.
І хтосьці адстаў па дарозе, А хтосьці вярнуўся назад. Здавалася, што ўжо вясна на парозе, І што ўжо канец маразам. Што вораг заўважна слабее, Вось трошкі яшчэ і – ура! І зьнікне, нібы летуценьне, Сівой завірухі пара. Апошняй заўжды памірае надзея…
Ніхто не хацеў паміраць.
Вось белы, чырвоны і белы. Як сьнег і як кроў і як сьнег. Камусьці баліць, а камусь адбалела, Пад покрывам сьнежным у сьне. У сьне непахісна ідзем мы, Уся каралеўская раць… Наяве ж – бязьлюдныя землі. Такі, можа, лёс ваяра – Памерці, пакуль не памерла надзея.