Растае, як туман, і знікае ў нябыт пакрыёму Усё тое, чым я ганаруся і што я люблю. Толькі хочацца верыць, што слоем густым чарназёму Намаганьні нашыя ў гэтую лягуць зямлю. Можа быць, яшчэ крок — і ў бездань. Мы глядзім у твар бядзе. Але, павер, усе гэтыя песні — Толькі для цябе, Толькі для цябе... І балюча наўкол, і пякуча, і ў вочы калюча. Над вадою плыве нашых мараў няздзейсненых дым. І былі мы адно для аднога вадою гаючай, Тым адзіным праменем, дакладней, з нямногіх адным. Можа быць, панясе нас па свеце. Ты — ў Маямі, я — ў Тыбет… Але цяпер, усе гэтыя песні Толькі для цябе, Толькі для цябе... Мы на беразе мора, якое завецца адчаем, Мы ўдыхаем раслінаў марскіх рэзкі ёдавы пах, Пазіраем наўкол і пачуцці свае выключаем І трымаем надзею ў халодных дрыготкіх руках. Можа быць, дзесці напрадвесні Хтосьці здзейсніць, хтосьці — не. Ну, а пакуль усе гэтыя песні Толькі для цябе, Толькі для цябе...