Я болей не адчую сполах ветру, Ніколі не заўважу сьнег ці дождж. Забыў за што, але я ўдзячны сьвету, І злы на сьвет - але забыў за што. Ніколі болей я ня ўбачу сонца І не адчую дотыку зямлі. Усё сваё знайшоў і ўсё згубіў – Мяне няма, але я ёсьць бясконца.
Ніколі болей я - ніколі болей... Мяне няма.
У нуль-прасторы і няісным часе Няма нічога – гэта проста стан. Я разумею, што такое шчасьце – Падман сусьвету плюс самападман. Усё сабраў і ўсё спаліў дарэшты, Я развучыўся нават шкадаваць, Я развучыўся верыць і кахаць, Мяне няма, але я ёсьць бязьмежна.