Гэта зоркі блукаюць у Тваіх валасах, Весяляцца, сьмяюцца, нешта шэпчуць няспынна, І мне хочацца верыць, што ўсё так, як павінна: Ты на небе, а зоркі – у Тваіх валасах.
Будзе вецер спяваць па бутэльках і сценах – Што адных, то другіх безнадзейна спусьцелых. Што Ты меў на зямлі? Што Ты меў, што я мела? А цяпер – сотні зорак у Тваіх валасах.
Распускаў маладзік вербаў доўгія косы. Першы сьнег на траве, першы сьнег на вачах – Гэта зоркі, калядныя зоркі – ня слёзы. Тыя зоркі, што ёсць у Тваіх валасах.