Добрай ночы, Янка, Салодкіх сноў, да сустрэчы а восьмай. Ты маеш шэсьць гадзін калыханкі, Адпачын ад адносін… Няхай у тваім сьне ўсё будзе як трэба: Пяшчотнае сонца й цёплае мора, Няхай Пан Бог усьміхаецца зь неба, Крыху будзе меней гора.
Няхай у тым сьне раптам скончацца войны, Няхай там будзе салодкі пах хлеба, Хай будзе наш край багаты й вольны, З чыстым паветрам, урадліваю глебай, Хай дзеці сьмела глядзяць у вочы аблокаў, І няхай тых аблокаў ня будзе, Хай песьня ляціць высока - высока І на вятры шчасьцем поўняцца грудзі…
Няхай вакол нас лунаюць анёлы, Хай будзе моцы йсьці па дарозе, У той, што ёсьць дачкою вясёлкі Няхай хопіць веры чакаць на парозе, Хай будзе плячо, каб спытацца прытулку, Любімыя вочы, каб прасіць прабачэньня… У гушчары непрыкметных завулкаў Не забыць аб сваім прызначэньні…
песьня была прадстаўлена на "Тузіне Гітоў" у сьнежні 2006 г. - http://tuzin.fm/article/424/