калі яна набліжаецца стаяць скаваныя не заводзяцца аўто зледзянелыя птушкі падаюць прабіваючы лабавое шкло рассыпаюцца пырскамі пад нагамі хрумсцяць пад коламі - пагатоў мы з табою смяяліся галасамі дзяцей у дварах закончаных школ
не даляцеўшы да неба смех застываў між галінаў і правадоў нават апошніх паверхаў не дасягаў быццам холад схапаў за хвост
а потым я дзеля жарту па дурасці прывязаў да ейнага экіпажу рукавы ўласнага паліто і мяне пацягнула ў невядомую поўнач проста да самага ранку на святло поўні -
у снежным-снежным кірунку і яна ўзяла мяне ў свае карункі
я абмарозіў рукі аб вашае стаўленне
ад марозу занямела шчака але я не захутаўся падставіў другую і толькі калі састыў амаль да нябожчыка я зразумеў: гэта яна так цалуе хацеў быў адмовіцца адгаварыцца з абдоймаў вызваліцца але замест слоў у галаве круцілася толькі табліца множання