Маўклівы жах цёмных істот, Іх вочы скрозь цемру глядзяць на мяне. Скрозь плынь часоў, скрозь топі балот Завуць да сябе праз цені вякоў.
Кіпцямі вострымі змярцьвелых галін Коляць у вочы, кранаюць за твар. З цёмных віроў азёрных глыбінь, Гукаюць і цягнуць у свой абшар. У жудасным танцы агнёў у гушчары, У шэпце сухім старых дрэў ля балот, У стонах жахлівых невядомых істот Ажываюць старыя паданні зямлі.
Я бачу бліскучыя, драпежныя вочы Скрозь ліпкую цемру пануючай ночы. Скрозь цёмныя воды азёрных глыбінь Завуць да сябе, завуць да сябе…