Мая пані... Не пытай мяне толькі, калі гэта будзе і дзе... Я прыеду аднойчы ў твой горад, няпрошана і нечакана. Выпадкова апоўначы лёс нас на вузенькай вулцы зьвядзе За сто крокаў ад Вострае Брамы.
Зазьвініць, залунае ў паветры залатая Манюшкава ліра. Цені зьнікнуць на нашым з табою шляху. Капялюш гжэчна здыме прыстойны касьцёл Казіміра І табе, мая пані, дальбог пацалуе руку.
Пацалунак, пярсьцёнак, паўзмрок... Чорны крук, чорны колер бязьмежжа. Скамянелыя постаці на Катэдральным пляцы. Шляхціц-месяц на варту ўзыйшоў на муры Гедымінавай вежы. У здранцьвелай руцэ зыгмунтоўка, як зорка, блішчыць...
Я нікому цябе не аддам! Ты – мая, аж да скону, да сьмерці. Не пытай мяне толькі, калі гэта будзе і дзе... Гэта сон, проста мроі, ня болей, на стале — ліст у ружовым канвэрце, А за вокнамі — звыклы пэйзаж, звыклы пахмурны дзень.