Не было раней нічога, а цяпер усяго многа. За гэта мы мусім дзякаваць Богу, Ён ствараў наш сьвет у жанры фрыстайлу, Прамовіў “Будзьма!”, і Беларусь паўстала. Іхтыязаўры і іншыя цмокі… Мы напачатку ў акіяне моклі, А потым вылезьлі на паверхню І займелі назву “неўры” . Неўры ......., ад першых вякоў Пераўтвараліся ў ваўкоў - Такая вось звычка была ў народа… Даждзьбог, Пярун, Жыцень і Кола Сварога - У паганскіх багоў продкі нашыя верылі, Але ўжо хрысьціянства грукае ў дзьверы ім.
Будзьма Ведаць свой род! Шалёны народ, беларускі народ…
Год восемсот шэсьцьдзесят два ад нараджэньня Хрыстова – Пра Полацак першыя летапісныя словы. У тым Полацку збудуюць сабор Сьвятой Сафіі (У сьвеце былі толькі тры такія). Тамтэйшы князь Усяслаў Чарадзей Быў чоткі пэрсанаж, але слухай далей! У Полацку жыла Еўфрасіньня Сьвятая, Памяць пра яе ў стагодзьдзях ня тае. Яе зрабілі знакаміты крыж (Ня проста супэр, а супэр-звыш), Але ў апошнюю вайну артэфакт прапаў. Такі вось, прабачце, мясцовы Грааль.
Ідзем далей, не марудзім доўга. Час надыйшоў князя Міндоўга. І тут мы зацяміць мусім з табой – Тады Беларусь называлі Літвой, А дакладней – Вялікім Княствам Літоўскім З гербам “Пагоня” і супэрскім войскам. Пакрочым далей сваім шляхам пыльным. Князь Гедымін засноўвае Вільню. Сон легендарны – ваўчара ў латах… Дарэчы, на Вікіпэдыі пра гэта багата.
Будзьма Ведаць свой род! Шалёны народ, беларускі народ…
Год тысяча трыста шэсьцьдзесят другi. Шчэрацца дзіды. Лунаюць сьцягі. Нашыя войскі ля Сіняй Вады Разьбілі трох султанаў Залатое Арды, І Княства Літоўскае раптам – о-па! – Зрабілася буйнейшай дзяржавай Эўропы.
Давайце далей разгортваць сьвітак. У Княстве Літоўскім княжыць Вітаўт. Тэўтонскі Ордэн нам пагражае. Пад Грунвальдам бітва ўсё вырашае. Вітаўт зь Ягайлам, польскім каралём, Крыжакоў адправілі ў мэталалом.
Францішак Скарына - канкрэтны мажор. Вучыўся ня ў Полацку, а за мяжой. І з гэтай навукай добра парадзіў – Беларускую Біблію выдаў у Празе. Вайскоўцы былі ў форме ня горшай – Паклалі маскоўскае войска пад Оршай У тысяча пяцьсот чатырнаццатам годзе, Але годзе пра гэта, наперад пойдзем! Хвілінны прыпынак - зараз і тут Зацьверджаны Трэці Літоўскі Статут, А пад Кіргхольмам разьбілі шведаў, Відаць, ты пра гэта раней ня ведаў.
Будзьма Ведаць свой род!
У Магілёве ў бітве апантанай Сем тысячаў палегла акупантаў. Якіх якупантаў? Ну, гэтых… З Усходу – Прадстаўнікоў братняга расейскага народу. Іх называлі яшчэ “маскавіты”.
А мы ўжо ў Рэчы жылі Паспалітай – Беларуска-Літоўска-Польскай дзяржаве І, чамусьці, суседзяў усіх раздражнялі. Тры падзелы Рэчы Паспалітай - Вось так - узялі нас і падзялілі. Найбольшую частку зьела Расея… Сярод шляхты незадаволенасьць сьпее. На сцэне зьявіўся Тадэвуш Касьцюшка. Запомніць імя гэта трэба. Таму што Тадэвуш быў рэвалюцыянэрам - У свабоду, роўнасьць, братэрства верыў, Змагаўся у нас, у Аўстраліі, ў Штатах, І ўрэшце царызм яго кінуў за краты.
Будзьма Ведаць свой род!
Падчас Напалеонаўскага землятрусу Зь беларусамі біліся беларусы, А ў тысяча восемсот шэсьцьдзесят трэцім Паўстаньне ізноў пажарышчам сьвеціць. Кастусь Каліноўскі, сын Беларусі Ў роспачы быў, у гаркоце, у скрусе, Падняў касінераў, сьмела біўся ў палях, Але ў пятлі на Лукішках скончыў свой шлях.
Сьвет на мяжы дваццатага стагодзьдзя. Трэба падымаць культуру ў народзе! Дзе Багушэвіч, Багдановіч, Купала і Колас, Ластоўскі, Луцкевіч… Багата было вас! Дзясяткі й дзясяткі выбітных імёнаў… Але ўжо рэвалюцыя палае чырвоным.
Ну вось. У рэвалюцыйных жахах Зьяўляецца нашая новая дзяржава. Завецца прыгожа яна: БНР. Яе ўтварыньне сьвяткуем і цяпер.