Паўстань з народу нашага, Пясняр, Былых і будучых вякоў баян, I ў бурны кліч, як буры ўдар, З віхрамі загудзі пад звон кайдан! Гудзі над Беларусяй з краю ў край, У сэрцах спячых распалі пажар, Над курганамі перуном зайграй! Збудзіць нябожчыкаў паўстань, Пясняр! * Паўстань з народу нашага, Ваяк, I волатам на вогненным кані Народ аграблены — бы з торб жабрак — За бацькаўшчыну павядзі ў агні! Да хвалы шлях айчыне пакажы, Змяці з палёў яе чужых бадзяк, На стражы стань гранічнае мяжы… Свой край заваяваць паўстань, Ваяк! * Паўстань з народу нашага, Ўладар, Адбудаваць свой збураны пасад, Бо твой народ забыў, хто гаспадар I хто яго абдзёр з каронных шат. На Ўладара жджэ Беларусь даўно. I жджэ цябе ўладарства Божы дар, Вялікае, магутнае яно… Пад беларускі сцяг прыйдзі, Ўладар! * Паўстань з народу нашага, Прарок, Праяваў бураломных варажбіт, I мудрым словам скінь з народу ўрок, Якім быў век праз ворагаў спавіт!
Збяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю. Вазьмі з яе прысягу і зарок, Што не прадасць сябе, сваю зямлю… Зняць путы бацькаўшчыне ўстань, Прарок!