Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа, Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў, Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро. Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца, Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель… Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб’ецца, Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе. Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры, Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў, Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах, І бары‑акіяны, і неба — разлівы ільноў. Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі, Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме, Дзе асілкі‑хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі, А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч. Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі у хвоях паснулі, Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары, А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі, Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары. Там звіняць неўміручыя песні на поўныягрудзі, Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок. Тая гордая мова, якую і тады не забудзем, Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок. Ты — наш край. Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам, Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць, Ты — наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць. Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе. Мы клянёмся табе, што ніколі, Ніколі, Ніколі, Так, Ніколі не кінем, Не кінем, Не кінем цябе.