Група “Айша” з Горадні прэзэнтуе свой твор “Зь вераю”, напісаны на вершы вядомай паэткі Дануты Бічэль-Загнетавай. Як апавядае вакалістка “Айшы” Вікторыя Фінская спачатку аўтарка верша была супраць такога творчага экспэрымэнта: “Калі спадарыне Дануце сказалі, што група “Айша” будзе рабіць песьню на яе вершы, яна перахрысьцілася і сказала: “Крый Божа, каб рок-музыканты пяялі песьні на мае вершы!”. Яна лічыла, што яе надта рэлігійныя і мягкія творы не лягуць на такую музыку”. Але “Айша” пайшла насуперак меркаваньню шаноўнай паэткі. І правільна зрабіла. На адным з творчых вечароў у Горадні з удзелам Бічэль-Загнетавай група “Айша” прэзэнтавала “Зь вераю”. З тых часоў слыннная паэтка пасябравала з “Айшай”. “Яны здолелі перадаць якраз тое, што я ўкладала ў свой верш”, - сказала па сканчэньні імпрэзы спадарыня Данута, якая налета 1 студзеня адзначыць свой 68-ы дзень нараджэньня. Вікторыя ўсьміхаецца: “Потым яна наогул рок-н-рол палюбіла. Нават на канцэрт “Крамы” хадзіла!”.
Статистика страницы на pesni.guru ▼
Просмотров сегодня: 2