Я ёсць таму, што Вы былі са мной, Што ў думках Вас я называў сваёю. Я ціха сам дамовіўся з маной Спрыяць майму шалёнаму настрою. Ды я дапраўды знелюбеў мане, Яна Вам змоўцу выдала з ахвотай, Без Вас мяне няма, няма мяне, Апаленага Вашаю пяшчотай. Вы распалілі вогнішча ўва мне. Яно гарыць, і я ў ім дагараю. Няўжо ў траецкім ці ў грамнічным сне Стаялі Вы на ганку небакраю? Смуга тугі ў душы не растае. I новы ганак чуе крокі рання. Я дагару, пагаснуць дні мае, Ды не пагасне вогнішча кахання.