Мне на сэрцы золатам вышывалі краты1, кроў балюча крапала на маю душу з голкі дыяментавай аж у тры караты — вось якое дзіва я ў грудзях нашу.
А бывае, падаю з усяго размаху, дык на сэрцы золатам шэсць крыжоў звіняць аб зямельку родную, быццам меч аб плаху, — ні віном, ні лекамі боль той не суняць.
Дзе ўпаду, каб ведаў я, дык падклаў падушку б, але ж вочы-зоркі сочаць, на бяду, мабыць, цяжар кратаў датуль насіць мушу, пакуль ў магілу-матку не ўпаду.
Мне на сэрцы золатам лёс мой вышывалі, нітак не хапіла на апошні прэнт, а калі паўмёртвага мяне пакідалі, уваткнулі ў сэрца голку-дыямент.
Можа, каму трэба залатая нітка, голка з дыяменту, я вас папрашу, калі вам няцяжка, калі вам нябрыдка, — выратуйце сэрца, вызвальце душу!
Гэта ж вельмі проста: нітку — у клубочак, голку — у скарбонку, што ў крыві — дарма, без віны ды боязі спіце сабе ўночы, ну а вашым ворагам сніцца хай турма.
З матамі, вар'ятамі, з сабакамі іклатымі, ды пад аўтаматамі з залатымі кратамі будзе хай яна!