Маці, Ты клічаш маліцца Нас у няздарнасці горкай. Ты над ліцвінскай сталіцай Свецішся ранішняй зоркай. Глянь на натоўп, што ўтрапёна Хоча абраз Твой прывеціць. Маці! Тваёй абароне Мы аддаемся, як дзеці! Неба высокага Пані! Глянь на наш род чалавечы: Сэрцы нам смутак параніў, Хто нашы сэрцы палечыць? Хто нас пяшчотай агорне Найласкавейшай на свеце? Маці! Тваёй абароне Мы аддаемся, як дзеці. Кожны, хто хворы, бяздольны, Аб Тваёй літасці моліць, Хто ж нас прытуліць спатольна, Хто нашы раны загоіць? Ласка Твая — цуд натхнёны — Гойным бальзамам ільецца. Маці! Тваёй абароне Мы аддаемся, як дзеці. Грэшныя ў путах падману I неспатольнае смагі Ўзняць свае вочы на Панну Нават не маем адвагі. Дай нам надзею ў палоне, Выблытай з грэшнае сеці. Маці! Тваёй абароне Мы аддаемся, як дзеці. Цісне калі нас хвароба, Сына Ты ўпрошвай зычліва, Благаславі земляроба, Благаславі плён на нівах, Благаславі край наш родны I апрані яго ў квецень! Маці! Тваёй абароне Мы аддаемся, як дзеці. Матчына ласка без меры Ежай стаецца галодным: Бедныя сем’і па веры Просяць аб хлебе штодзённым. Здольная ў зорнай кароне Ўсіх у патрэбе прыкмеціць, Маці! Тваёй абароне Мы аддаемся, як дзеці. 1858