Раскажы, што з нашым класам? – Піша Павал з Тэль-Авіва. Цяжка выжыць гэтым часам, Каб сумленна i шчасліва. Раскажы, што з нашым класам? Чэсь у швэдзкім порнаклюбе. Зарабляе шмат сам-насам Тым, што ўсе сам-насам любяць. Тым, што ўсе сам-насам любяць.
Грамадзянамі Канады Хутка будуць Пётр і Кася, Ян у Францыі даў рады, Бася ў Штатах засталася. Марта з двойняй пад Варшавай, Церазь месяц будзе трэці. Час валіць – з такой дзяржавай Iм нічога тут ня свеціць. Iм нічога тут ня свеціць.
Магда з'ехала з гiшпанцам I ў Мадрыдзе медсястрою. А Мацея два паганцы З табельнай забiлi зброi. Магда сябравала з Юркам, Што быў зоркай школьнай сцэны. Юрка добрым стаў хірургам, Але брат яго ўскрыў вены. Але брат яго ўскрыў вены.
Філ стаў фізыкам, вядома, І ў Маскве зрабіў кар’еру. Кожны год бывае дома, Сябра нашаму прэм’еру. А Міхась у турмах высах, Бо ня стаў страляць у Стася. Я ж складаю жыццяпіс іх. Вось і ўсе, хто быў у класе. Вось і ўсе, хто быў у класе.
Хтосці зьехаў, хтосці ў Польшчы, Хтосці заўтра – у дарогу, Хтосці ўжо даўно нябожчык, Хтось жывы – і дзякуй Богу! Я збіраў усіх старанна, Я праводзіў паралелі, Быццам сыпаў соль на раны, Раны моцна не балелі. Раны моцна не балелі.
Сталі жонкамі дзяўчаткі, Хлопец – дзедам. Хутка фініш. Маладосць паўзе спачатку, А пасля яе не спыніш. Кожны – бог у свае сорак, Спіць даўно ў сваёй пасцелі. Нібы ўсе ляцім да зорак, А ці ж гэтага хацелі? А ці ж гэтага хацелі?
Што са мной? Пра што я мару? Памяць мучае старая, Быццам мацае іх твары І ўсляпую паўтарае Ўсе дзіцячыя абліччы, Ты – малюнак нетрывалы. Я ж чакаю, хто пакліча Ў хованкі бо ў выбiвалы… Ў хованкі бо ў выбiвалы…
Прарастаючы паволі, Кожны цягне што ёсць сілы Лісьце, парасткі і гольле Ад калыскі да магілы, Каранямі – з таго свету, Хтосці ўправа, хтосці ўлева… Аж ня верыцца, што гэта Ўсё – адно і тое ж дрэва. Ўсё – адно і тое ж дрэва.