Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!
Не было раней нічога, а цяпер усяго многа. За гэта мы мусім падзякаваць Богу, Ён ствараў наш свет у жанры фрыстайлу, Прамовіў \"Будзьма!\", і Беларусь паўстала. Іхтыязаўры і іншыя цмокі… Мы напачатку ў акіяне моклі, А потым пакінулі водныя нетры І займелі мы назву \"неўры\". Неўры здавён, ад першых вякоў Пераўтвараліся ў ваўкоў — Такая вось звычка была ў народа… Жыцень, Пярун, Дажджбог і Кола Сварога — У паганскіх багоў продкі нашыя верылі, Але ўжо хрысціянства грукае ў дзверы ім.
Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!
Год 862 ад нараджэння Хрыстова — Пра Полацак першыя летапісныя словы. Ў тым Полацку збудуюць сабор Святой Сафіі (У свеце былі толькі тры такія). Тамтэйшы князь Усяслаў Чарадзей Быў чоткі персанаж, але слухай далей! У Полацку жыла Еўфрасіння Святая, Памяць пра яе ў стагоддзях не тае. Для яе зрабілі знакаміты крыж (Не проста супер, а супер-звыш), Але ў апошнюю вайну артэфакт прапаў. Такі вось, прабачце, мясцовы грааль.
Ідзем далей, не марудзім доўга. Час надышоў князя Міндоўга. І тут мы зацяміць мусім з табой — Тады Беларусь называлі Літвой, А дакладней — Вялікім Княствам Літоўскім З гербам \"Пагоня\" і суперскім войскам. Пакрочым далей сваім шляхам пыльным. Князь Гедымін засноўвае Вільню. Сон легендарны — ваўчара ў латах… На Вікіпедыі пра гэта багата.
Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!
Год 1362-гі. Шчэрацца дзіды. Лунаюць сцягі. Нашыя войскі ля Сіняй Вады Разбілі трох ханаў Залатое Арды, І Княства Літоўскае раптам — о-па! — Зрабілася буйнейшай дзяржавай Еўропы.
Давайце далей разгортваць світак. У Княстве Літоўскім княжыць Вітаўт. Тэўтонскі Ордэн нам пагражае. Пад Грунвальдам бітва ўсё вырашае. Вітаўт з Ягайлам, польскім каралём, Крыжакоў адправілі ў металалом.
Францішак Скарына — канкрэтны мажор. Вучыўся не ў Полацку, а за мяжой. І з гэтай навукай ён добра парадзіў — Беларускую Біблію выдаў у Празе. Вайскоўцы былі ў форме не горшай — Паклалі маскоўскае войска пад Оршай У 1514-м годзе, Але годзе пра гэта, наперад мы пойдзем! Хвілінны прыпынак — зараз і тут Зацверджаны Трэці Літоўскі статут, А пад Кіргхольмам разбілі шведаў, Відаць, ты пра гэта раней не ведаў.
Будзьма ведаць свой род!
У Магілёве ў бітве апантанай Сем тысячаў палегла акупантаў. Якіх акупантаў? Ну, гэтых… З Усходу — Прадстаўнікоў братняга расейскага народу. Іх называлі яшчэ \"маскавіты\",
А мы ўжо ў Рэчы жылі Паспалітай — Беларуска-літоўска-польскай дзяржаве — І чамусьці суседзяў усіх раздражнялі. Тры падзелы Рэчы Паспалітай — Вось так — узялі нас і падзялілі. Найбольшую частку з’ела Расея… Сярод шляхты незадаволенасць спее. На сцэне з’явіўся Тадэвуш Касцюшка. Запомніць імя гэта трэба. Таму што Тадэвуш канкрэтным быў рэвалюцыянерам — У свабоду, роўнасць, братэрства верыў, Змагаўся за гэта нават у Штатах, Але рускі царызм яго кінуў за краты.
Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!
Падчас напалеонаўскага землятрусу З беларусамі біліся беларусы, А ў 1863-м Паўстанне ізноў пажарышчам свеціць. Кастусь Каліноўскі, сын Беларусі Ў роспачы быў, у гаркоце, у скрусе, Падняў касінераў, смела біўся ў палях, Але ў пятлі на Лукішках скончыў свой шлях.
Свет на мяжы ХХ стагоддзя. Трэба падымаць культуру ў народзе! Багушэвіч, Багдановіч, Купала і Колас, Ластоўскі, Луцкевіч… Багата было вас! Дзясяткі й дзясяткі выбітных імёнаў… Але ўжо рэвалюцыя палае чырвоным.
Ну вось. У рэвалюцыйных жахах З’яўляецца новая дзяржава. Завецца прыгожа яна: БНР. Яе ўтварэнне святкуем і цяпер. Але раптам аднекуль — з дзіркі ад бубліка — З’яўляецца іншая на табе рэспубліка. Завецца ўжо не рамантычна яна — Савецк