Ах, якое грознае гора! Ах, якая журба ў світанні: На вачах у нябёсаў чорных На расстрэл адводзяць каханне.
І міндаль палыхае, як лава, І персікаў белыя крылы, Як каханню бялюткі саван, Як вянок на яго магілу. А яно адыходзіць, праклятае, А яно нават жыць не хоча... Сябры, затрымайце катаў, Сяброўкі, закрыйце ім вочы.
Прыйдзе, можа, часіна злая, Калі згасне крывавы месяц, І, магчыма, мяне расстраляюць, І, магчыма, мяне павесяць.
Але я й на пласе прыпомню: Ў небе ранішнім - водсвет лёду, Ў тумане - кіпарысы цёмныя. А цябе... адводзяць... адводзяць...
Пад апошнімі цьмянымі зорамі Труп кахання, як труп каханай... Ах, якое бязмежнае гора! Якая крывавая рана!