«Я лічу, што перамогу сапраўды адабралі. І ў беларусаў, і ў расейцаў, і ня толькі. Але гэтае адбіраньне адбылося адразу пасьля перамогі. І адабраў яе ні хто іншы, як самы вялікі кумір гэтых народаў — „вялікі“ Сталін. Кожныя пераможцы разьлічваюць нешта здабыць у выніку перамогі, асабліва пасьля такой крывавай вайны, і гэта было правільна, заканамерна. Але што ў выніку яны атрымалі — што атрымалі народы Савецкага Саюзу? Зноў жа тую камуністычную кабалу, тую заняволенасьць і галечу, у той час як народы Эўропы — і пераможцы, і пераможаныя, дарэчы — сапраўды скарысталіся гэтай перамогай. У тым ліку і нашай перамогай. Зноў жа, з ініцыятывы Злучаных Штатаў Амэрыкі быў вылучаны плян Маршала, які ўзьняў Эўропу з руінаў, з гэтых самых папялішчаў, які ўдыхнуў жыцьцё, і якому, па сутнасьці, Эўропа абавязаная і дасюль. Але ж Сталін адмовіўся ад гэтага пляну. Ён як вайну, так і перамогу, так і пасьляваеннае аднаўленьне, адбудову зноў жа ўзваліў на плечы свайго народу. І гэтым увергнуў яго ў неймаверную шматгадовую галечу. Апроч таго, яшчэ ў выніку нашай гэтай перамогі былі заняволеныя краіны так званай „народнай дэмакратыі“, усходнеэўрапейскія краіны. І гэтая нашая перамога яшчэ на паўстагодзьдзя затрымала іх натуральнае гістарычнае разьвіцьцё ў кірунку прагрэсу. З гэтага правалу яны яшчэ дагэтуль ня могуць выбрацца, мы гэта бачым на прыкладзе нашай Усходняй Эўропы. Але яны робяць спробы, усё ж даволі пасьпяховыя, ізноў жа пры падтрымцы міжнароднай супольнасьці — Эўропы і найперш Амэрыкі. А Беларусь стаіць убаку».