Народны фальклорны калектыў "Рэчанька" Старасельскага СДК Веткаўскага р. Зап. Глушэц І.В. 13.01.2010
ХЛОПЦУ: А ў саду, саду па вінаграду, Святы вечар, добрым людзям.
Пецечка ходзіць, коніка водзіць, Коніка водзіць, з конем гаворыць: Ой, коня, коня, я цябе прадам, Я цябе прадам за бочку віна, За бочку віна, за пастаў сукна. Не прадавай мяне, малады Пеця, Буду я табе ў бальшой выгадзе: Як паедзем мы каралю ў сваты, Сваталі, сваталі, не высватавалі, Не высватавалі, сілай узялі, Сілай узялі, ды і павязлі, Крутым беражком, ціхім Дунаём.
ГАСПАДАРАМ: Ой долам, долам, шчэй далінаю, Святы вечар, добрым людзям.
Ой, хто там едзе вечарынаю? Ой, едзе, едзе, Колечка п'яны: Ой, адчыніся, Томачка, пане! Я не адчынюся, цябе баюся, Перад табою лістом сцялюся. Ой, лістом, лістом, шчэй зелянен(і)кім, Перад Колечкам маладзенькім.
ДЗЕЎЦЫ: A ў Рудні, Рудні ў краснай святліцы. Святы вечар, добрым людзям.
Томачка стаіць, прыбіраецца, Бел плацце з сябе, шаўкоў на сябе, Шаўкоў на сябе, ды да цэрквы йдзе, Узышла на гані, на гані заззялі, Гані заззялі, паны стаялі, Паны стаялі ў Томы пыталі, Ой ты, Томачка, чыя ж ты дачка? А я Томачка, Йванава дачка. Йванава дачка, як паненачка. Як паненачка, ды як красачка.