Бадзяўся па сьвеце раз нейкі дзівак Ў падранай старой марынарцы... І справа далей адбывалася так: Надта адной спадабаўся кухарцы. Яна дзівака да сябе прывяла На кухню. Ля печы гарачай Паесьці дала, ўсё што трэба, дала, А ён ёй за гэта аддзячыў.
Дзівак той на выгляд хоць быў дзіваком, Але ж меў шалёную мэту — Жалезнай рукою, цяжкім кулаком Ураз ашчасьлівіць паўсьвету. Кажнюськаму — шчасьце! Ня хочаш — ўцякай! Злапаюць — то горш яшчэ будзе! Хай шчасьце кіпіць і цячэ цераз край! Хай шчасьцем задушацца людзі!
Пакуль ты кухарка, што ж, не наракай! Рыхтуйся да новае справы! Вось-вось з трону лясьнецца цар Мікалай, І ты пакіруеш дзяржавай! Навучышся, здолееш, гэта прасьцей, Чым выпіць гарэлкі паўкварты... Што тычыць тваіх басаногіх дзяцей — Ўсіх паробім панамі і шляхтай!
Кухарчыныя дзеці — малыя, худыя. Кухарчыныя дзеці — ад розных бацькоў. Кухарчыныя дзеці — танклявыя шыі. Кухарчыныя дзеці — зь іх паробяць паноў. Паглянем, паглянем, што зь іх выйдзе далей, З тых кухарчыных дзяцей...
Дзівак у марынарцы зрабіў, што схацеў, Пакутуюць цяжка праз гэта Дагэтуль мільёны няўцямных людзей — Кухаркі пануюць над сьветам. Нікуды ад сонейка не ўцячы, Нікуды ад шчасьця ня дзецца — Ці з бронзы, ці з гіпсу — на кожным пляцы Дзівак ў паліто і пры кепцы... Меў словы як семя, пасеяў, што ўбіў, Шторанку, па добрым сьняданку Кухарчыныя дзеці ўшчынаюць гульню Ў паноў, паўпаноў і падпанкаў. З падранаю сракай, зь дзірой ў галаве, Ў руцэ — сьцяг ці, можа, спадніца. Адзін аднаго душыць, топча і б’е — Абы да карыта дабіцца.
Кухарчыныя дзеці — па вуліцах ходзяць. Кухарчыныя дзеці — ня сеюць, ня жнуць. Кухарчыныя дзеці — і псоцяць, і шкодзяць. Кухарчыныя дзеці — на Бога плююць. Кухарчыныя дзеці — артыкулы пішуць. Кухарчыныя дзеці — за праўду ўстаюць. Кухарчыныя дзеці — на подзьвігі клічуць. Кухарчыныя дзеці — дыхнуць не даюць. Чым далей у сьвет — тым гусьцей і часьцей Ад кухарчыных дзяцей...