Нібы знаёмая вуліца, нібы знаёмае надвор'е — халодная восень. Здаецца, пройдзеш колькі крокаў - ув акне гарыць сьвятло: там твае бацькі не спяць. Як трапіў я ў гэтае дзіўнае напаўмястэчка-напаўвёску На трыццаць трэцім недарэчным годзе свайго жыцця?
А дванаццатай гадзіне кастрычнік саступае крэсла, лістапад прыходзіць позьні. Цырымонію пільнуе ставокая, ставухая маўклівая ноч. Усюды веліч цішыні, і толькі недзе ў вышыні, зьняволеная тэлеграфным дротам, дрыжала нейкая песьня. Разрывалася на часткі і рассыпалася, як дождж.
Маці кашулю вышывала, Язьмін ў садзе цьвіў, Сястра ў дарогу праваджала, Бацька стары крыжом благаславіў.
Не сухі ліст альховы, ані аркуш паперы, а нібы спалоханая птушка. Я чуў яе, бачыў яе на ўласныя вочы ў іржавых кратах. За якімі абразамі, па якіх кутках і каморах, у якіх лясах і пушчах, Дзе хавалі яе, дзе сьпявалі яе, скуль зьявілася яна?
І вякі бясконцай цемры, вякі дарэмнага чакання, вякі халопства і дурноты, Вякі сонца і месяца, вякі Вялікага Княства, вякі, калі народ паўстаў, Благое і добрае, хаўтуры і сьвяты — ўсё разам пераістоцілася ў словы і ноты, І я не мог сысьці з месца, я застыў, як слуп солі, я слухаў, я маўчаў.
Маці кашулю вышывала, Язмін ў садзе цьвіў, Сястра ў дарогу праваджала, Бацька стары крыжом благаславіў.
Нібы знаёмая вуліца, нібы знаёмыя надворкі — быццам сваё, быццам чужое. Каля хлявоў, каля гумнаў за маімі плячыма ходзіць восень па склізкіх і голых садах. Чы затрапеча дубовы лісток на галіне ці скрыпне брамка ў плоце, ці ўпадзе кропля дажджу ў калодзеж — Я ведаю, гэта мінулае побач, мінулае побач са мною ў шчырых і простых кароткіх радках.
Маці кашулю вышывала, Язьмін ў садзе цьвіў, Сястра ў дарогу праваджала, Бацька стары крыжом благаславіў.