Калі на захадзе забліскаюць зарніцы І сон паморыць і жывёлу, і людзей, Прыходзь тады, мая Марысько, да крыніцы, Як мае быць нам засьпявае салавей! Закрэхчуць жабы гэтак млосна ў балоце, Як быццам заўтра не крахтаць ім і ня жыць... І пры паваленым Яновічавым плоце Мы станем ціхенька і будзем гаварыць...
Быў я ў Гайнаўцы ў мінулым панядзелку, Вазілі з бацькам мы на продаж воз гаршкоў, І даў стары мне трохі грошай на гарэлку, А я замест карчмы — у краму шась цішком. Забег у надта ўжо пажондную я краму, Дзе мае гэшэфт сам пан Воловац Абрам, І старгаваўшыся з Воловацам Абрамам, Купіў пярсьцёнак. Прыйдзеш — то табе аддам.
Вось певень засьпяваў, за ім другі і трэці, На лямпы фукнуў працай здушаны народ. Цябе ж, Марысё, пэўне дзесьці носяць чэрці... Хай бы лепш прынесьлі пад Яновічавы плот! Пара ісьці — напэўна трэцяя гадзіна. Вунь месяц зсунуўся за Крынкаўскі бальшак. І з плота я цягну здаровую тыніну, Каб чым было мне адбівацца ад сабак...