За дахамі места памеркла нябёс пазалота; Паветра напоена ціха гусцеючым мрокам; Ўжо відна, як іскры злятаюць з трамвайнага дрота, Як зоркі гараць і зрываюцца ў небе далёкам.
Музыкі стагнанне ліецца па вулках з бульвара; Гараць і агнём машкару к сабе вабяць ліхтарні; Ўкруг тоўстага шкла яна ўецца, як лёгкая хмарка. А к светлу прабіцца не можа і томіцца марна.
І ўспомініў я час: срэдзь асенняй нахмуранай ночы Музыка зайграла, агні у вышыне запалалі, І дыхалі грудзі шырока, свяціліся вочы... Мы к светлу ўзляцелі... і шкло ўкруг яго напаткалі.