Не сумуй без мяне, Далягляд пад буслінымі крыламі. У радзімым акне Дачакайся мяне, мая мілая. Многа бачыў людзей, Але нешта ні ўдзень і ні ўночы я Не сустрэў анідзе Прыгажэйшыя вочы дзявочыя.
Мне ўсю праўду, як ёсць, Адкрывае зямля невядомая: Пажаданы тут госць, Ды, вядома, прыйшоў не дадому я. І краіна, як рай, Але тут не спявае душа мая Без цябе, родны край, Бо зямля мая – любая самая.
Сніцца мне цішыня Пад світальнымі зоркамі стылымі. Быццам я бусляня І пакуль не валодаю крыламі. У журбе, пехатой Я спяшаюся золкімі ранкамі Да мясціны святой, Дзе і хаты, і дрэвы з буслянкамі.
Дзе гарэза-ручай Размаўляе крынічна з парэчкамі. І бярозавы гай Прытуліўся ля сажалкі свечкамі. І ў галлі салавей – Нават лес вар’яцее ад пошчаку – Так пяе, чарадзей, Што, напэўна, чуваць і нябожчыку.
Вам бясконца магу Гаварыць пра пагоркі і долы я, Дзе вясёлкі дугу Уздымаюць дубы небачолыя, Дзе плывуць паплавы, Ручнікамі туману спавітыя, – Там пачуеце вы Нашых песень радкі сакавітыя.
Там чакаюць сябры. І старыя муры – таямніцамі. Там паляны ў бары Чырванеюць святочна суніцамі. Там мой век і спачын, Бо Радзіма заўсёды адзіная. Многа ў свеце жанчын, Але толькі матуля – радзімая.
Ты мяне сустракай, Расхіні далячынь сваю шчырую, Родны мой небакрай, Я вяртаюся птушкаю з выраю. Быццам песня, імя – Не стрымаю пачуцці і вусны я. Ты мая цеплыня І пяшчота, і боль – Беларусь мая.