Тэкст: Новыя курапаты ўжо чакаюць, калі нас паболее, Тых, каму надакучыла прыхаванае спаборніцтва болю. Кожны чацьверты хапаецца за смочку ідэі – Яны нібыта зь ёй, але хто яны? дзе яны? Тыя шматлікія дзеяньні, што выклікаюць усьмешку; Таму камусьці ўсё болей прывабным падаецца замежжа: Памежнік - агляд - колькасьць сумленьня ў валізе... І калі ты ня ў сьпісе тым, свабодна валі сабе! Але трываеш усё моўчкі, падпарадкоўваеш думкі: Ці то надзея жывая, ці то гэта глюкі. Зрэшты, ня ўсё так дрэнна. Мабыць, галоўнае -- пратрымацца? Штовечар класьціся спаць, уздымацца, з раніцы зноў Усьміхацца знаёмым моўчкі, рабіць сваю працу – І няхай яны ўжо ўсім гэтым падавяцца! Я сьмяюся ў вочы, Бо сьмешнымі падаюцца выкрыкі ўчорашнія – Лёзунгі сёньняшнія адразу прыкрыя…што яшчэ?! – Міжасабовыя спрэчкі ўнутры занядбалага гета – Пасьпець праблявацца ад гэтага, Пасьпець зразумець прычыны. І ты глядзіш у вакно заварожанымі вачыма…
Заварожаны край, нам прысуджаны небам і ветрамі. Прыпарошаны рай пад варожымі чорнымі сьценамі. Мая краіна... пад белымі крыламі. Краіна... пад чорнымі хмарамі. Краіна... дарэмнымі спробамі. Краіна... Цябе мы ня страцілі.
Пачалося з таго, што ты пачуваўся хворым. Тут такія ўмовы, мова… Сусьветная змова ў межах роднага гораду, ужо амаль незнаёмага. Карацей, увогуле, нічога новага… “У мяне яшчэ засталіся тыя, каго я люблю!..” Цссс…хлопец… Засыпай… бо тут – Краіна_мроі_кропка by цябе вітае. Я размаўляю з Госпадам, бо ў маёй царкве – wi-fi. Бач, як усё проста?.. І не кажы, Што ўсе навокал згубілі розум, ружовыя Апранулі акуляры, думкі выкінулі. Нібы бруднай вады выпілі мы...
Ненароджаны плач, абумоўлены ціхім пацьверджаньнем. Сьлёзы будуць зьлятаць і зьнікаць пад завеямі сьнежнымі...