Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, —
Ўспомню Вострую Браму сьвятую
I ваякаў па грозных канях.
Ў белай пене праносяцца коні, —
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.
У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
Мо яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
Маці родная, Маці-Краіна!
Не усьцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..
Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.
Гімн Рэспублікі Беларусь еще тексты
Другие названия этого текста
- Гімн Рэспублікі Беларусь - Пагоня (1)
- Беларуская Паўстанцкая Песня - Пагоня (0)
Оценка текста
Статистика страницы на pesni.guru ▼
Просмотров сегодня: 1