Аднойчы я вяртаўся на ровары дахаты. Скрозь ноч. Горад. У кофце найк з сэканд-хэнду. Пасля доўгіх размоў і няўмелай гульні чэсам на акустычнай гітары. Карацей кажучы, гэта было амаль што натхненне. Я думаў пра тое і сёе, пра свой асабісты хіп-хап і літаратуру, пра крытыку з самакрытыкай і новыя тэмы для песень і тэкстаў, але ўсяго некалькі радкоў бачылі стары месяц над цемрай ды я, плюс ліхтары, пустыя прыпынкі і ляжачыя паліцэйскія. І вось каля «Папараць Кветкі» адбылася сустрэча. Бачу ката ці, можа, котку чорную з белымі плямамі вельмі падобную на нашага Чорыка з працы. Я спыніўся — ён таксама. Вочы ў вочы — новы запавет. Ён зразумеў, што яго я прапускаю наперад. Ён пабег — далей я паехаў.
А ў цені зямлі сілуэты постацей. Смех. І вось апошні паварот і я каля дзвярэй пад'езду. Дамафон, не з першага разу. Прыступкі. Другі паверх дзверы направа. Адшукваю аркуш паперы і запісваю ўсё гэта.