Музыка: Зміцер Вайцюшкевіч Словы: Уладзімір Някляеў
Напрадвесні плачуць ледзяшы, Ручаіны звоняць напрадвесні. Ты мне ціха-ціха для душы Заспявай прадвесневую песню.
Хай душа ўскалышацца да дна І туды пакліча, дзе святая, Дзе на ўзлеску юная вясна Першыя пралескі рассыпае.
Красуня-вясна звініць ручаінамі ў полі (ты нас не пакінеш ніколі), Красуня-вясна – сястра нашай волі, Красуня-вясна ў бела-чырвоным убранні (шчаслівая ў першым каханні), Красуня-вясна – чароўная фея кахання.
Ад вясны нікуды не ўцячы, І праз вецер, што сцягі палошча, Пойдзем мы з табой, каб уначы Запаліць агеньчыкі на плошчы.
Будзем мы стаяць і ўспамінаць Тых, каго няма сягоння з намі, Тых, каго мы будзем сустракаць З бел-чырвона-белымі сцягамі.