Цыгарэтны туман ападае ў кавярні, I канкрэтны раман круціць хітры ліхвяр, Пані трошкі ў гадах, вочы быццам ліхтарні, Тут слугуе туга, тут настрой гаспадар.
Чаркі змову вядуць, захапляюцца плёткі. Пані трошкі ў гадах і ліхвяр нестары, I хмялее ліхвяр, і не лічыць адсоткі, I штурхаецца жарсць у людскім гушчары.
Як на шалях маўчыць і пяшчота былая, Здрада цёмных начэй і спагада завей, I каменны камін сарамліва палае, I ўцякае ўспамін ад абдымкаў далей.
Звыклі ўсе да ахвяр у нязвыклай ахвярні, Чырванець перасталі сырыя муры, Ашукацца прыйшлі ў непрабуднай кавярні Пані трошкі ў гадах і ліхвяр нестары.