Туман плыве з нізіны сівы Над нівай голай і пустой. "Глядзіце, заяц варыць піва", - Жартуюць людзі між сабой. А я відушчым бачу зрокам, Як ён прысеў каля агню, Трыгубы, шэры, касавокі, І піва варыць з ячмяню. Яліна іскрамі страляе, А ён прыладзіў кацялок І трэскай варыва мяшае, Каштуе, сплёўвае набок. І піва заяц варыць густа, А на закуску - бурачок, Трава, заечая капуста, Галін асінавых пучок. З зайчыхай вып'юць па маленькай І дзеткам трошкі паднясуць, Пужлівым галаском таненькім "Цвіцела морква" завядуць. Пабачыш - не гані з абсады, Дай хоць на гэты дзень спакой, Павінна ж быць і ў зайца радасць Перад халоднаю зімой.