Пра якія этнапрацэсы можна казаць у грамадзтве, дзе праводзіцца татальная дзяржаўная антынацыянальная палітыка супраць мовы?.. Гэта тое самае, што апісваць чалавека, якому бандыты перабілі ногі, як норму асобы. Асоба ходзіць на мыліцах, а вучоныя мужы кажуць: вось бачыце, ён жа бегаць ня хоча. Вось вам фігуральна «статус кво». Гэта пазыцыя ўсялякай імпэрскай ідэалёгіі, апраўданьня ўсялякага прыгнёту.
Спалілі беларускія падручнікі, пазачынялі беларускія школы, выгналі беларускую мову з тэлебачаньня і радыё, ліквідавалі беларускія выдавецтвы і газэты, адабралі ў людзей зямлю і свабоду. І, калі іншы маладзён загаворыць на вуліцы па-беларуску, дык яго хапаюць і судзяць за тое, што нецэнзурна лаяўся. І ў гэтых варунках нехта пачынае разважаць пра этнапрацэсы і пра тое, што маўляў, кола ўжываньня беларускай мовы натуральным чынам звужаецца і гэтак далей. Слоў няма ад абурэньня!..
Чалавека зь перабітымі нагамі трэба вылекаваць, каб ён хадзіў і бегаў, а бандытаў – пасадзіць у турму. Вось дзе нармальнасьць! А ня тое, што калецтва прымаць за норму.
Наша ідэалёгія барацьбы з уціскам, цемрашальствам, акупацыяй і антыбеларускай палітыкай называецца Адраджэньне. Гэта вяртаньне да нармальнасьці, да аднаўленьня ўсяго таго, што разбурана, скасабочана і зьнішчана ворагамі свабоды і чалавецтва. З гэтай ідэалёгіяй мы здабылі незалежнасьць краіне, і з гэтай ідэалёгіяй змагаемся з антыбеларускім рэжымам. Гэта ідэалёгія свабоды, якая ніколі ня зьмірыцца з рабствам, хоць бы нават яно апанавала ўсё грамадзтва, – бо толькі ў Адраджэньні ёсьць будучыня!