Чортаў востраў і на ім курган, і белы туман – Дым ад тлеючага агню, Век таму што распаліў шаман. Свецяцца там праклятыя валуны-каляндары, І ажываюць часу зашаптаныя змеі.
Над Разломамі Гор – вымярэнні адзiноты. Там чыстая кроў i нашы прашчуры – іншыя планеты…
Магутны, спакойны, павольна маўклівы Мой Лес, Ты стаіш сотнямi сотнi год Некрануты. Бачыш толькі, як коп’i верхавін Рэжуць цела глухому, Закатам сцякаючы па елка-шыпах; Па шыпах, па шыпах i масках балотных.
Гэта апошнія крокі па роднай зямлі – Назад ніколі не вернешся ты, Ніколі не ўбачыш больш вочы Яе; Дарога насустрач Рагнароку – самому сябе.
Ад гарызонта да гарызонта – мроі-далоні; Ад нязбытнай Венеры да забытых пустот падземных – Мяцеліца свабоды, водар смерці, зоры; Сустракае цябе бязмежнае чорнае неба.
І гэта той апошні шлях да чароўнай Антарктыды, Вобраз якой бачыў у Яе вачах. Белы снег вечнай халоднай ночы, Адбітак Космасу ў бясконцых ільдах.
Праз бязлюдную цішыню, мёртвую ваду, Што акрыляе вольныя прытомнасці сны, Праз Крышталь Адзіноты пошуку ісціны – Там не сустрэць больш той цёплай вясны.