Я іду лугавою дарогай, Пакручастай і цёмнай, як лёс. Над ракой азярод шматногі Барадою сена зарос. Галавою прынікшы да сена, Ў ноч гляджу на рачное шкло... Глуха так, так цяжка і дрэнна Мне ніколі яшчэ не было. Ўсё было: пацалункі світаннем, Над ракою туман залаты, Бедны прывід майго кахання, Што здушыла разважліва ты. Сэрцам ведаю: так не трэба. І ніколі халодны разлік Не заменіць дарогі пад небам, На якім ледзяны маладзік. Нельга жыць з незгасальным болем, І ўсё роўна да схілу год Памажы мне - ніколі, ніколі Не забыць пра яе, азярод!