— Дунаю-Дунаю, чаму ціха йдзеш? — А як мне, Дунаю, паціху ня йсці? На мне, на Дунаю, тры чаўны ідуць, А ў адным чаўночку конікі ірзуць. У другім чаўночку малайцы пяюць, А ў трэцім чаўночку дзяўчаты плачуць. Конікі ірзуць, бо вайну чуюць, Малайцы пяюць — на вайну ідуць. Малайцы пяюць — на вайну ідуць, Дзяўчаты плачуць, што ў палон бяруць. Да прыйшоў да яе сам пан-капітан: — Чаго ты, дзяўчынка, так сільна плачаш? Чаго ты, дзяўчынка, так сільна плачаш? А ці ты, дзяўчынка, замуж не хочаш? Ўзяў бы я за сябе ― ня роўна ты мне; Вазьму я цябе за свайго слугу. Яму будзеш жана, а мне мілая, Яму будзеш пасцель слаць, са мной ляжаш спаць. — Няпраўда твая, сам пан-капітан, Каму буду пасцель слаць, з тым і лягу спаць. А ці свецяць два месяцы пры адной зары? Ды й не жывуць два мужы пры адной жане. — Дзяўчына-дзяўчыначка размыслёная, Была б твая галовачка з плеч зрублёная.