Максім Багдановіч
Скандынаўская песьня
Была Інгеборг, як сасонка, страйна,
– Так вецер суворы пяе –
І горкую долю спаткала яна.
– Шкада нам, шкада нам яе.
Ня слухала маткі, ня чула айца,
– Так вецер суворы пяе –
Кахала Аскара, марскога байца,
– Шкада нам, шкада нам яе.
Ў чужую паехаў Аскар старану,
– Так вецер суворы пяе –
Надоўга нявесту пакінуў адну.
– Шкада нам, шкада нам яе.
Шмат дзён праняслося, шмат доўгіх начэй,
– Так вецер суворы пяе –
Шмат сьлёз пралілося з дзявоцкіх вачэй.
– Шкада нам, шкада нам яе.
І весткі праз рок да Аскара дайшлі:
– Так вецер суворы пяе –
Сьпіць моцна твая Інгеборг у зямлі.
– Шкада нам, шкада нам яе.
І цяжка Аскару зрабілася жыць,
– Так вецер суворы пяе –
Ён кінуўся ў бой, каб дзяўчыну забыць.
– Шкада нам, шкада нам яе.
І вось напаткаў ён сьмяротны удар,
– Так вецер суворы пяе –
І ўмёр праз нявесту адважны Аскар.
– Шкада нам, шкада нам яе.
Таміцца па ім Інгеборг без канца,
– Так вецер суворы пяе –
Няма ўсё Аскара, марскога байца.
– Шкада нам, шкада нам яе.
Над морам навісла скала, як сьцяна,
– Так вецер суворы пяе –
Штодня Інгеборг там чакае адна.
– Шкада нам, шкада нам яе.
І бачыць нарэшце: з далёкіх зямель
– Так вецер суворы пяе –
Ўвесь чорны Аскараў плыве карабель...
– Шкада нам, шкада нам яе.
І кінулась, скрыкнуўшы, ў мора яна
– Так вецер суворы пяе –
І ўжо не паднялася з цёмнага дна.
– Шкада нам, шкада нам яе.
1915
Лявон Вольскі еще тексты
Другие названия этого текста
- Лявон Вольскі - Скандынаўская песьня (1)
- Лявон Вольскі - Скандынаўская песьня (на верш М. Багдановіча) (0)
Оценка текста
Статистика страницы на pesni.guru ▼
Просмотров сегодня: 1