Гарэлі усходы, Палалі заходы, Пакутвалі людзі Ад цяжкай работы, А пане Каханку Ад ранку да ранку Піў крамбамбулю За шклянкаю шклянку. І крупнік, і зьбіцень Ліліся штотыдзень Магутнай ракою, Як Нёман-рака. Ішла пагулянка Ад ранку да ранку, І куфлі ўздымала Каханку рука.
Але пагулянка Народ не дзівіла, Бо пане Каханку Быў Радзівілам, Бо быў ён магнатам, Магнатам багатым, Магнатам вядомым У сьвеце і дома. Быў сьвет неспакойны - Паморкі ды войны. Вялікага Княства Мінулі часы. А пане Каханку Спаткаўся з русалкай, І вынікам шлюбу Былі селядцы.
На ўсходзе Расея Ізноў вар’яцее. Эўропу заносіць То ўлева, то ўправа. А Пане Каханку Ня піў валяр’янку, А піў крамбамбулю Пад смачныя стравы. Вось так і праходзяць Гады ды стагодзьдзі, Зьнікаюць народы, Сады і гароды, А Пане Каханку Нам блізкі і родны, І кожны быць хоча Да пана падобным.
І кожны з нас хоча Пажыць у палацы І мёдам і крупнікам Пачаставацца.