Кланяюся Табе, Прасвятая Троіца, Адзінасутная, Жыватворчая і Нераздзельная, Ойча, і Сыне, і Святы Духу: верую ў Цябе і, вызнаючы, слаўлю, дзякую, шаную, высока ўзношу Цябе і малю: памілуй мяне, нягоднага раба Твайго. (Тройчы) Кланяюся Табе, Прасвятая Багародзіца; Народжаным Табою Ты паказала нам святло ісціннае, Царыца неба і зямлі, Надзея безнадзейных, Памочніца нядужым і Хадайніца за ўсіх грэшных. Ты мяне ахавай і абарані ад усіх бед і нястач душэўных і цялесных, і будзь мне, малюся, заступніцай усясільнымі Тваімі малітвамі. Прасвятая Уладычыца Багародзіца, прымі гэтае малое маленне і прынясі яго Сыну Твайму і Богу нашаму, каб Ён спас і прасвятліў дзеля Цябе душы нашы. Усе нябесныя чыны – Серафімы, Херувімы, Прастолы, Гасподствы, Сілы, Улады, Начальствы, Архангелы і Ангелы – маліцеся Богу за мяне, грэшнага; я малюся і ўмаляю вас. Святы вялікі Іаане, Прарок, Прадцеча і Хрысціцелю Гасподні, які пакутаваў дзеля Хрыста і набыў адвагу да Уладара, памаліся за мяне, грэшнага, каб я спасся Тваімі малітвамі. Святыя Божыя апосталы, прарокі, мучанікі, свяціцелі, поснікі, прападобныя, праведныя, пустэльнікі, чарнарызцы, патрыярхі і ўсе святыя, якія пакутавалі дзеля Хрыста і набылі адвагу да Уладара, маліцеся за мяне, грэшнага, каб я спасся вашымі малітвамі. Святы Іаане Златавусты з Васіліем Вялікім, Грыгорыем Багасловам і Цудатворцам Мікалаем, і з ўсімі святымі іерархамі, памажыце і памілуйце мяне малітвамі і заступніцтвам вашым перад Богам. Святыя свяціцелі рускія Міхаіле, Пётра, Аляксіе, Іона, Філіпе і Ермагене са святымі цудатворцамі і пакутнікамі, рускімі князямі Раманам і Давідам, і са святым роўнаапостальным князем Уладзімірам, маліце Бога за мяне, грэшнага. Прападобныя і баганосныя айцы нашы Антоніе і Феадосіе, Яўфіміе, Феакцісце, Сава, Ануфрые, Варсанофіе, Паісіе, Паўле Просты, Марк і ўсе прападобныя, маліце Бога за мяне, грэшнага. Усе святыя жанчыны – міраносіцы, мучаніцы, прападобныя і дзевы, якія Хрысту дастойна паслужылі, са святою вялікамучаніцаю Варвараю, маліце Бога за мяне, грэшнага. Непераможная і Бажэственная сіла Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга, не пакінь мяне, грэшнага, а сілаю тваёю ахавай мяне ад усякае спакусы, душэўнае і цялеснае. Прачыстая Уладычыца Багародзіца, спадзяванне ўсіх хрысціян, паколькі іншага спадзявання і надзеі няма ў мяне, акрамя Цябе, Найчысцейшая Уладычыца мая Спадарыня Багародзіца, Маці Хрыста, Бога майго: таму памілуй і збаў мяне ад усіх бед маіх і ўмалі міласцівага Сына Свайго і Бога майго, каб Ён памілаваў акаянную душу маю і збавіў мяне ад вечных мук, і спадобіў мяне Царства Свайго.
Святы Ангеле, ахоўнік мой, ахіні мяне крыламі тваёй добрасці і адгані ад мяне ўсякае ліхое дэманскае ўздзеянне, і малі Бога за мяне, грэшнага. Прасвятлі вочы мае, Хрысце Божа, каб я ніколі не заснуў смяротным сном, каб ніколі не сказаў вораг мой: я перасіліў яго. Слава Айцу і Сыну, і Святому духу. Заступнікам душы маёй будзь, Божа, бо я хаджу пасярод пастак многіх; вызвалі мяне з іх і спасі мяне, Добры, бо Ты Чалавекалюбны. І цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Найслаўнейшую Божую Маці і Свяцейшую за святых Ангелаў будзем нязмоўкла апяваць сэрцам і вуснамі, вызнаючы Яе Багародзіцай, бо Яна сапраўды нарадзіла нам Бога ўцялесненага і моліцца безупынна за душы нашы.