Толькі ў сэрцы трывожным пачую За Краіну радзімую жах, Успомню Вострую Браму святую І ваякаў на грозных канях. У белай пене праносяцца коні, Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць: Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
У бязмерную даль вы ляціце, А за вамі, прад вамі – гады. Вы за кім у пагоню спяшыце? Дзе шляхі вашы йдуць і куды? Мо яны, Беларусь, панясліся За Тваімі дзяцьмі уздагон, Што забылі Цябе, адракліся, Прадалі і аддалі ў палон?
Бійце ў сэрцы іх, – бійце мячамі, Не давайце чужынцамі быць! Хай пачуюць, як сэрца начамі Аб радзімай старонцы баліць... Маці родная, Маці-Краіна, Не усцішыцца гэтакі боль!.. Ты прабач, Ты прымі свайго сына, За Цябе яму ўмерці дазволь.
Толькі ў сэрцы трывожным пачую За Краіну радзімую жах, Успомню Вострую Браму святую І ваякаў на грозных канях. Ўсё лятуць і лятуць тыя коні, Срэбнай збруяй далёка грымяць... Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.