Толькі ў сэрцы трывожным пачую За краіну радзімую жах, — Ўспомню Вострую Браму сьвятую І ваякаў на грозных канях. Ў белай пене праносяцца коні, — Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць... Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць. У бязьмерную даль вы ляціце, А за вамі, прад вамі — гады. Вы за кім у Пагоню сьпяшыце? Дзе шляхі вашы йдуць і куды? Мо яны, Беларусь, панясьліся За тваімі дзяцьмі ўздагон, Што забылі цябе, адракліся, Прадалі і аддалі ў палон? Біце ў сэрцы іх, біце мячамі, Не давайце чужынцамі быць! Хай пачуюць, як сэрца начамі Аб радзімай старонцы баліць... Маці родная, Маці- Краіна, Не усьцішыцца гэтакі боль... Ты прабач, ты прыймі свайго сына, За Цябе яму ўмерці дазволь. Ўсё лятуць і лятуць тыя коні, Срэбнай збруяй далёка грымяць... Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць