1. СТАРАЯ ШКОЛА Нядаўна ў нас пачалі будаваць новую цагляную школу. Месца для яе выбралі прыгожае, высокае — на цвінтары за былой царквой, у якой зараз знаходзіцца клуб. Наша настаўніца Антаніна Аляксандраўна гаворыць, што восенню мы пойдзем ужо ў новую школу, у чацвёрты клас. А пакуль мы вучымся ў старой і заканчваем трэці. Старая школа — гэта пачарнелая ад часу драўляная будыніна на высокім падмурку. Некалі трывалыя, смалістыя бярвенні сцен патрэскаліся, сям-там параслі мохам. Толькі нядаўна адрамантаваны бляшаны дах у сонечныя дні весела наблісквае новымі цынкавымі лапікамі. Каля школы выстраіліся ў рад сівыя, аджыўшыя свой век таполі. Кару з іх мы даўно аблупілі на лодачкі, і дрэвы свецяць голымі бакамі. На самай высокай сухой верхавіне пасяліўся бусел. Непадалёку ад яго гнязда бойка гамоняць задзірыстыя вераб'і. Мой бацька расказваў, што калісьці, яшчэ да рэвалюцыі, калі ён сам быў вучнем, у нашай школе знаходзілася воласць. А бабуля дык яшчэ і цяпер школу называе воласцю. Прыйдзе яна з калгаса дамоў абедаць і пачынае расказваць: — Сустрэла я сёння каля воласці Агату, што за Халімона выйшла... — Каля школы, баб,— папраўляю я. А яна толькі рукой адмахваецца: — Адкасніся, смала! Буду я табе школкаць... I зноў за свае: воласць ды воласць. Што такое воласць, я ўжо добра ведаю,— ад старых чуў. Там сядзелі валасны старшыня і пісар. Яны выцягвалі з людзей жылы і зводзілі кудысьці іхніх кароў. I яшчэ ў воласці сядзеў паліцэйскі прыстаў. Вусаты такі. 3 шабляй і бізуном. Ён сек мужыкоў дубцамі і саджаў іх у халодную. Халодная ёсць і зараз. Яна знаходзіцца якраз пад вокнамі настаўніцкай: Гэта вялізны цагляны склеп з цяжкімі дубовымі дзвярыма, на якіх заўсёды вісіць іржавы замок. Часта на перапынках мы, хлапчукі з трэцяга «Б», спускаемся па спёртых падэшвамі каменных прыступках да гэтых дзвярэй і кратаем замок — можа адамкнецца. Замок не адмыкаецца. Тады мы па чарзе заглядваем у шчыліну паміж дошак, пакрытых зеленаватай цвіллю. За дзвярыма цёмна хоць вока выкалі, адтуль патыхае сырасцю і перакіслай капустай. Але кожны з нас у той цемры штосьці бачыць — і кожны бачыць рознае. - Ш-ш-шкілет,— таямнічым шэптам паведамляе Коля Бурэц, чарнявы, з зыркімі, як у цыганёнка, вачыма, Яго дражняць Храбры Заяц. I мянушка гэтая прыліпла да яго нездарма. Аднойчы на ўроку Колю выклікалі чытаць. Ён адкашляўся і пачаў; — Храбры заяц. Кхм. Жыў у лесе заяц і ўсяго ён ба... У гэты час са столі адваліўся кавалак тынку і ўпаў проста на Колю, Увесь клас засмяяўся, а ён заплакаў. I пачаў заікацца. 3 таго часу і пайшло: Храбры Заяц ды Храбры заяц. За Колем да дзвярэй прыліпае Санька. Ён глядзіць доўга і ўважліва, засланіўшыся ад святла рукамі. Мы стаім, прытаіўшы дыханне, і чакаем, што ён скажа. Я пабойваюся, што Санька забыўся пра мяне: хутка зазвініць званок і трэба будзе бегчы ў клас, не паглядзеўшы ў шчыліну. Нарэшце Санька здаволіўся. — Шкілет-дрындулет,— насмешліва сказаў ён і аўтарытэтна дадаў: — Там ланцугі... Цяпер надышла мая чарга. Колькі я ні прыглядаўся, але ні шкілета, ні ланцугоў не ўбачыў. Аднак, каб не быць горшым за іншых, заявіў; — Ага ж... I ўсе пабеглі ў клас. Пасля ўрокаў мы зноў пайшлі глядзець халодную. На гэты раз нам пашанцавала: дзверы таямнічага склепа былі расчыпены на ўсю шырыню. Хто іх расчыніў, мы не ведаі, толькі бачылі, як школьная прыбіральшчыца цётка Мар'я цягнула цераз дарогу дзежку да калодзежа. Мы, як качаны, скаціліся па каменных прыступках. Санька першы шмыгнуў у чорны праём дзвярэй. Праз хвіліну ўнізе штосьці загрукатала, і неўзабаве пачуўся прыглушаны Санькаў голас: — У, чорт... нагарадзілі тут... Следам палез я, а потым і Коля Бурэц. Аказалася, што за дзьвярыма быў яшчэ цэментаваны ганак, якога Санька ў цемры не разгледзеў. Цяпер ён стаяу каля перакуленых начопак і збянтэжана паціраў лоб. У яго заўсёды так: не паспее адзін гуз сысці — другі наб'е. Уявіць Саньку без гузо проста немагчыма. Нічога страшнага ў халоднай мы не знайшлі: не было тут лапцугоў, якімі, на думку Санькі, прыкоўвалі змагароў за свабоду да сцяны, і тым больш не валяліся шкілеты. Над намі навісала сырая цагляная столь, нашы галасы гудзелі, як у пустой дзежцы. На падлозе валяліся старыя, разбітыя начоўкі, стаяла вядро з анучамі, якімі цётка Мар'я мые ў класах. Пад нагамі хрумсталі бульбяныя парасткі, у кутку ляжалі два качаны капусты, відаць, пакінутыя на высадку, ды некалькі пакрытых пылам бутэлек ці то з-пад газы, ці то з-пад алею. — А ўсё ж тут страшна было сядзець,— зазначыў я, калі мы выбраліся са склепа. Санька на тэта нічога не адказаў, толькі сярдзіта засоп, быццам мы вінаваты, што ён набіў сабе гуз, затое Коля з пагардай хмыкнуў: — П-падумаеш, страшна. Мой б-бацька калісьці тут сто разоў сядзеў... Ну і хвалько ж гэты Заяц. Што яму ні скажаш, ён адразу: — П-падумаеш! — Скажы яшчэ тысячу,— не сцярпеў я. У чорных зыркіх вачах Колі загарэліся сярдзітыя агеньчыкі, а кірпаты нос яшчэ больш задраўся ўгару. — Не верыш? — аб?6?